МАЛО́Е МАЖЭ́ЙКАВА,
вёска ў Гасцілаўскім с/с Лідскага р-на Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Лебяда. Цэнтр аграфірмы «Мажэйкава». За 28 км на ПдЗ ад Ліды, 85 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 794 ж., 301 двор (1999).
Упершыню згадваецца ў 1511 як маёнтак у Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв.. падараваны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам І Старым віленскаму падканюшаму Шымку Мацкавічу. Належаў Палубенскім, Нарушэвічам-Брахоцкім і інш. З 1795 у Рас. імперыі, у 2-й пал. 19 ст. сяло Лідскага пав. Віленскай губ. У 1897 нар. вучылішча, царква, капліца. З 1921 у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Мажэйкаўскага с/с Жалудоцкага раёна, з 1954 вёска ў Гасцілаўскім с/с. З 1962 у Лідскім р-не, з 1987 цэнтр Гасцілаўскага с/с. У 1972—502 ж., 161 двор.
Спіртзавод, лікёра-гарэлачны цэх, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).
Г.І.Дулеба.
т. 10, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)